АРА́НЖАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
Аранжавая Рэспубліка (англ. Orange Free State), правінцыя ў цэнтр. ч. Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Мяжуе з прав. Капская, Трансвааль і Наталь, на ПдУ — з Лесота. Пл. 129,2 тыс. км², нас. 1,8 млн. чал. (1985). Насельніцтва — банту і сута. Адм. ц. — г. Блумфантэйн. Аранжавая правінцыя займае ч. ўнутраных плато — на З Плато Кап, якое на У пераходзіць у Высокі Велд і Драконавы горы (выш. да 2300 м). Клімат субтрапічны, ападкаў 250—900 мм за год. Бываюць замаразкі і засухі. Рака Аранжавая з прытокамі Вааль і Каледан упадае ў Атлантычны ак., на ёй ГЭС і вадасховішчы. Здабываюць золата, уранавыя руды і алмазы. Развіты маш.-буд., металаапр., металургічная (каляровыя металы), хім., гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі). Земляробства на багатых глебах (кукуруза, пшаніца, агародніна, тытунь, цытрусавыя). Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Першыя сем’і афрыканераў (бураў) на тэр. Аранжавай правінцыі з’явіліся ў 1830-я г. Пераадолеўшы супраціўленне карэнных жыхароў — плямёнаў басута, яны заснавалі ў 1837 самаст. дзяржаву. У 1854 буры абвясцілі стварэнне Аранжавай Свабоднай дзяржавы. У саюзе з Трансваалем яна ўдзельнічала ў англа-бурскай вайне 1899—1902. З 1900 — брыт. калонія, у 1907 атрымала самакіраванне. З 1910 разам з трыма інш. калоніямі ў складзе Паўд.-Афрыканскага Саюза (з 1961 ПАР).
т. 1, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)